МАЧАВЫ́ ПУЗЫ́Р,
орган некаторых беспазваночных, пазваночных жывёл і чалавека, у якім назапашваецца мача перад вывядзеннем з арганізма. У беспазваночных жывёл бывае няпарны (напр., у калаўротак), множны (напр., у малашчацінкавых чарвей, п’явак), парны (напр., у вышэйшых ракападобных). У пазваночных жывёл звычайна няпарны. У чалавека М.п. — полы мешкападобны орган мочапалавой сістэмы, размешчаны ў малым тазе. Сярэдняя ёмістасць 500 см³. Сценкі высланы слізістай абалонкай. Мача паступае ў М.п. праз мачаточнікі. Нерв. элементы ў абалонках М.п. рэагуюць на расцягванне органа пры напаўненні, выклікаюць рэфлекторнае скарачэнне гладкіх міяцытаў мышачнай абалонкі і расслабленне сфінктэраў, што вядзе да мочавыдзялення.
А.С.Леанцюк.
т. 10, с. 234
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)